Ранішнюю цішыню 22 чэрвеня 1941 года разарвалі залпы тысячы гармат. Ужо 26 чэрвеня вёска Пешкі аказалася пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. А ў навакольных лясах збіралі свае сілы партызаны.
Спазналі вяскоўцы новы нямецкі парадак. З'явіліся і паліцаі. Не адзін раз яны разам з немцамі з Антопаля, Дзеткавіч, Равяціч і Бярозы наведвалі вёску. Хапануць курэй, гусей або пару парсючкоў – і назад у сваю камендатуру. Усім трэба было сала, яйкі, мяса, шнапс. Сельскія жыхары павінны былі выконваць мноства ўстаноўленых акупантамі загадаў і распараджэнняў, у выпадку невыканання якіх належалі пакаранню. Адным з галоўных была забарона на ажыццяўленне варожых дзеянняў супраць улады, садзейнічанне партызанам і чырвонаармейцам. Так з 16 верасня 1941 года паўсюдна ўводзілася наступная мера: “Хто дасць чырвонаармейцу, ці партызану прытулак, дасць яму харчаванне, ці акажа іншую паслугу, напрыклад, падаст звесткі, будзе асуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. Гэта тычыцца і жанчын”. Нядоўга прыйшлося чакаць гэтыя пакаранні. Шэптам перадавалі вяскоўцы адзін аднаму аб спаленых у раёне дамах і расстраляных немцамі іх жыхарах.
Праз Пешкі ўвесь час праходзілі партызанскія дыверсійныя групы, так як вёска ўваходзіла ў партызанскую зону. 7 кастрычніка 1943 года акупанты з дапамогай мясцовых здраднікаў здзейснілі чарговы рэйд у Пешкі. Усе, хто мог, збеглі з вёскі ў лес, на балота. Убачыўшы, што ўсё насельтніцтва збегла, карнікі пачалі рабаваць маёмасць. Калона з захопленым дабром павольна рухалася ў напрамку Борак. Хтосьці з паліцаяў прапанаваў падпаліць вёску. Пачынаючы з дома Юдчыца Мікалая Піліпавіча, карнікі пачалі падпальваць будынкі. Плён працы многіх пакаленняў сялян быў знішчаны вандаламі ў адзін дзень. Пасля адыходу немцаў на пажарышча пачалі вяртацца людзі, над папялішчамі галасілі жанчыны.
Карнікам падалося гэтага мала. Вясной 1944 года немцы зноў правялі буйныя карныя аперацыі ў партызанскіх зонах. 18 красавіка, на трэці дзень Вялікадня, фашысты і здраднікі з вёскі Міхалкі зноў уварваліся ў вёску Пешкі. На гэты раз не ўсе жыхары паспелі збегчы ў лес. Адным не дазваляў узрост, у іншых на руках былі малыя дзеці. Ды і не разлічвалі вяскоўцы, што іх чакае неўзабаве. Сабралі немцы і паліцаі кароў, прызначылі старэйшых з мясцовых жыхароў і загадалі гнаць гэты статак у горад. Суправаджалі іх некалькі паліцаяў. Гэты статак пачаў павольна рухацца. У гэты час немцы сагналі людзей, якія не паспелі збегчы ў лес, да машыны. Старых і жанчын з дзецьмі пасадзілі ў кузаў, а астатнім быў загад ісці побач.
У Пешках карнікамі былі схоплены:
Зялёнка Ганна, нар. у 1884 у вёсцы Падоссе;
Касевіч Антаніна, нар. у 1880 у вёсцы Ястрабель;
Касевіч Марыя Мікалаеўна, нар. у 1912 г.н. у вёсцы Ястрабель;
Касевіч Мікалай Зіноўевіч, нар. у 1876 г.н. у вёсцы Пешкі;
Касевіч Сцяпан Лук’янавіч, нар. у 1879 г.н. у вёсцы Пешкі;
Аліферчык Мікалай Зіноўевіч, нар. у 1885 г.н. у вёсцы Пешкі;
Юдчыц Кацярына Мінаеўна, нар. у 1879 г.н. у вёсцы Боркі;
Юдчыц Лізавета Дзям’янаўна, нар. у 1881 г.н. у вёсцы Боркі;
Юдчыц Таццяна Кірылаўна, нар. у 1869 г.н. у вёсцы Ястрабель;
Юдчыц Ксенія Міхайлаўна, нар. у 1906 г.н. у вёсцы Пешкі;
Юдчыц Лука Парфёнавіч, нар. у 1889 г.н. у вёсцы Пешкі;
Юдчыц Цімафей Іванавіч, нар. у 1876 г.н. у вёсцы Пешкі;
На хутары Маліннік немцы схапілі Шыманскага Паўла Аляксеевіча (нар. у 1920 у вёсцы Боркі). Усцінню Каленікаўну Зялёнка (нар. у 1878 у вёсцы Пешкі) паліцаі знайшлі за вязанкай канопляў, дзе яна схавалася і прыгналі ў калону. У калоне былі пераважна сталыя і хворыя людзі, дзеці – усе тыя, хто не паспеў уцячы ў лес. Некаторым жанчынам пашчасціла збегчы. У дыме пажараў, мітусні, грабяжу немцы іх не заўважылі. Потым жанчыны расказвалі аб перажытым жаху. Амаль усе тыя, каго карнікі захапілі, былі растраляны пад сценамі Картузіянскага манастыра г. Бярозы. Жывымі засталіся дзеці і тыя, каму пашчасціла збегчы.
Вёска была спалена. З 88 хат было спалена 79. Не згарэла толькі адна хата у вёсцы – Юдчыца Мікалая (Кудэліна), і хаты, якія знаходзіліся на хутарах.
Сярод ахвяр генацыду былі і габрэі з Пешак. Перад вайной сем’і Леў і Кабран пераехалі жыць ў Бярозу. Намі было ўстаноўлена, што ў 1942 годзе Леў Арон і яго жонка Нэха, а таксама Кабран Беньямін, яго жонка і двое дзяцей былі знішчаны на Броннай Гары.
раскрыть » / « свернуть